Павел Сакалоў – вакаліст сталічнага гурта «Незабудкі», якая існуе ўжо два гады. А яшчэ ён вучыцца на культуролага-мэнэджэра ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Але хлопец даведаўся пра тое, што яго адлічваюць.
«Незабудкі» выпусцілі ролік на песню «Новая зямля» – у знак салідарнасці з беларусамі. «Страху больш няма», – спяваюць музыкі ў кампазіцыі.
– Мы бралі ўдзел у студэнцкай акцыі, прайшліся па паверхах, потым да нас прыйшоў новы рэктар (мы яе ўсё бачылі ў першы раз). Хвілін 30 вялі дыялог. Пасля гэтага мне патэлефанавалі і сказалі, што мяне і яшчэ чатырох хлопцаў тэрмінова выклікаюць у дэканат.
Там студэнтам паведамілі, што іх адлічваюць «за парушэнне статута універсітэта». Паводле словаў Паўла, яму прыгадалі не толькі адсутнасць на парах, але і тое, што ў верасні ён быў заўважаны на студэнцкай акцыі побач з кампусам.
У дэканаце БДУКМ пакуль не змаглі пракаментаваць сітуацыю Сакалова. Інфармацыя пра гэта з'явіцца тады, калі рэктар падпіша загад аб адлічэнні, сказалі ў установе.