«Фляус и Кляйнн»: «Па-беларуску нашы песьні гучалі дзіўнавата» (аўдыё)

«Раство — найлепшы час, для таго, каб рабіць падарункі. Таму мы вырашылі паказаць наш альбом менавіта цяпер для ўсіх тых, каму цікавая наша творчасьць», — сказаў Tuzin.fm басіст гурта з Наваполацку Аляксандар Верны. Рэліз мае назву «Тестирование потустороннего гидровелосипеда в многомерном пространстве» і ўключае 14 песень. Матэрыял быў запісаны ў пэрыяд 2008—2011 гадоў у студыях Масквы, Кіева і Менску. Неўзабаве пасьля гэтага гурт перапыніў сваё існаваньне. Аляксандар цяпер жыве ў Менску, грае ў якасьці сэсійнага музыкі ў шэрагу камандаў. Вакаліст «Фляўса» Сяргей Валодчанка жыве ў Наваполацку, захапляецца квантавай фізыкай і піша вершы. Музыкі не выключаюць, што іх гурт можа аднавіць сваю дзейнасьць.

Альбом цалкам расейскамоўны, хоць для ўдзелу ў фэсьце «Басовішча-2007» каманда пераклала сваю праграму на беларускую і ўзяла галоўны прыз. «Адна справа перакласьці, другая — данесьці гэта да слухача, каб гэта глядзелася шчыра і сумленна. А нашы песьні, напісаныя на расейскай, а потым перакладзеныя на беларускую, гучалі, мякка кажучы, дзіўнавата. Ды і для Сярожы гэта было неўласьціва, як для выканаўцы. Нараканьняў з нагоды мовы выкананьня не разумею, бо гэта індывідуальны момант».

Цікава, што сярод прыхільнікаў гурта апынуўся Лявон Вольскі. Сьпявак нават запісаў відэазварот з нагоды выхаду альбому «Тестирование потустороннего гидровелосипеда в многомерном пространстве».

Tuzin.fm