«Мы практычна ад пачатку свайго існаваньня цягнуліся да нямога кіно, выкарыстоўваем адмысловы відэашэраг на нашых выступах, які ўяўляе сабой нарэзку нямых фільмаў ад экспэрымэнтальных нямецкіх і францускіх стужак да фрагмэнтаў мясцовага кінамастацтва. Таму ідэя агучыць нешта зь першых беларускіх фільмаў для нас вельмі лягічная і як бы сама напрошваецца», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm вакаліст гурта Ўладзь Лянкевіч. Музыкі вырашылі падтрымаць ідэю праекту «Тузін.Немаўля» і напісаць музыку да аднаго зь першых беларускіх кінафільмаў — палітычнай драмы «Нянавісьць» (1930), якую зьняў рэжысэр Юры Тарыч паводле цыклю раманаў польскага пісьменьніка Юліюша Кадэн-Бандроўскага.
«Вядома, бээсэсэраўскі кінэматограф канца 20-х — пачатку 30-х у вялікай ступені агітацыйны, вельмі „ідэалягічна правільны“, таму ўспрымаць яго без кантэксту часу цяжка, але ў многіх стужках хапае проста прыгожых сцэнаў і кадраў, менавіта графічнасьць выяваў і ўхопленае імгненьне вабіць у іх найбольш. Пастараемся з дапамогай саўндтрэку хоць на момант вырваць гэтыя фільмы зь мінулага, бо яны вартыя таго», — зазначае Ўладзь.
Першы паказ стужкі «Нянавісьць» з музыкаю TonqiXod пройдзе ў Віцебску 12 сьнежня ў межах першага фэстывалю нямога кіно і экспэрымэнтальнай музыкі «Кінапалёт». Падрабязнасьці пра гэтую падзею — неўзабаве на Tuzin.fm.
Яшчэ: Скандал! Tonqixod адмовіўся ад кліпа на «Насыпаць горы» (відэа)
Tuzin.fm, фота Яўгена Ярчака