Лукашэнка пра забароненых музыкаў: «Бывае, адмарожаныя дзесьці нахамілі» (аўдыё)

Пытаньне падчас інтэрвію Лукашэнкі недзяржаўным СМІ на гэты конт задаў журналіст «Еўрарадыё» Зьміцер Лукашук, аўтар песень гурта «Крама». Ён пацікавіўся, ці можна аслабіць ціск на рок-музыкаў і наогул надаць званьні народных артыстаў такім асобам, як Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч і Ігар Варашкевіч.

«Шчыра кажучы, ня ведаю, зь якога боку падысьці да гэтага, — сказаў Лукашэнка. — Можа, сапраўды кагосьці негалосна кудысьці не пускаюць. Можа, яны дзесьці і накасячылі. Можа, ня час і ня месца так да іх падыходзіць, можа, яны зьменяць сваю пазыцыю, калі яна няправільная. Мне міністар культуры казаў, што няма ў нас сьпісаў. Але бывае, што адмарожаныя дзесьці нахамілі, супраць дзяржавы. Можа давайце Давыдзьку даручым, каб ён даў ім слова ў нейкім фармаце на тэлебачаньні» (цытуецца паводле «Еўрарадыё»).

Незалежныя рок-музыкі ў Беларусі пастаянна сутыкаюцца з забаронамі і зрывамі канцэртаў, іх песьні знаходзяцца пад забаронай у прадзяржаўных СМІ, але на афіцыйным узроўні гэты факт не прызнаецца.

На фота: Аляксандар Лукашэнка цісьне руку Зьмітру Лукашуку падчас сустрэчы ў Палацы незалежнасьці, 4 жніўня 2015, фота БелТА

Яшчэ: Ідэолягі афіцыйна зьвінавацілі Вайцюшкевіча ў экстрымізьме (дакумэнт)

Tuzin.fm