«Кашлаты Вох» прадставіў новы EP: «Мы разбураем сьцены, межы і розумы» (прэм’ера)

Гурт «Кашлаты Вох» ад часу выхаду сынглу «Цуд-зуд» паўтара году не паказваў новы матэрыял у выглядзе рэлізаў. Лідэр каманды Вячка Красулін нават распусьціў гурт, але працы над матэрыялам не перапыняў. «За гэты час вакол гурта сабралася выбітная кампанія аднадумцаў, якія і ня супраць узлабнуць амаральную музычку, з-за якой нашы выступы забаранілі на некаторых фэстах, — кажа Вячка. — Мы разбураем сьцены, межы і розумы. Наш новы сынгл пра ўзаемаадносіны полаў, пра сапраўднае каханьне і перажываньні, якія заўжды прысутнічаюць побач. Гэта інтымная споведзь. Для ўсіх».

У сынгл «Цябе/Падарунак» увайшлі дзьве новыя песьні і адзін бонусны трэк — інструмэнтальная вэрсія «Цябе». «Гэтыя песенькі запісвалі выдатныя асобы беларускага андэграўнду: Александзер, Алоха, Нікалас, Сьліп, Вячка і генэрал запасу Васіль Мікалаіч. Дзякуем Пецю Слуцкаму, бо музыка песьні Цябе“ належыць яму і яго мазгам, а таксама пальцам», — кажуць музыкі з нагоды прэм’еры. Матэрыял быў запісаны на студыі «Каўчэг» гукарэжысэрам Андрэем Лысовым, а вокладку да сынглу намаляваў Ягор Арцюхоў.

Tuzin.fm