Аляксандар Багданаў: «Ня слухайце Паліну Рэспубліку — кроў з вушэй пальецца»

Нагодай для абмеркаваньня стаў нават ня сам рэліз Паліны, а правакацыйная рэцэнзія ананімнага крытыка сайту kyky.org. «Дзякуй, таварыш, што цэльна сфармуляваў мае думкі, якія апаноўваюць наконт гэтага выканаўцы апошнія два гады», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook прамоўтэр і прадусар «Серебряной свадьбы». Камэнтуючы сваё стаўленьне да творчасьці Паліны Рэспублікі на старонцы галоўрэда Tuzin.fm Сяргея Будкіна, Аляксандар Багданаў (на фота) таксама даў параду ня слухаць гэты дыск, «бо кроў з вушэй пальецца» і падкрэсьліў, што ня мае зайздрасьці да маладой артысткі. «Тут выключна прафэсійнае стаўленьне да адназначна кепскага прадукту, які ўпарваюць як добры. Я, дзякуй богу, ня з вуліцы, і сёе-тое ў аранжыроўцы, запісу, тэкстах разумею, калі ўжо 10 гадоў пасьпяхова працую на гэтым рынку… Як музычны прадусар адказна і аўтарытэтна заяўляю — запіс скрайне слабы, аранжыровак няма наогул, а ёсьць іх кволая і няўдалая спроба, голас рэжа сваёй непрыемнасьцю, тэксты нельга называць паэзіяй, хутчэй падлеткавымі патугамі пісаць і рыфмаваць», — заявіў прадусар, вядомы таксама зь мянушкі «Папа Бо» (пераклад з расейскай — рэд. ТГ).

Паліна Рэспубліка (сапраўднае імя Паліна Паланейчык) у 17 гадоў атрымала Гран-Пры фэстывалю «Бардаўская восень — 2011», па выніках 2011 году прызнаная «Адкрыцьцём году ў беларускай музыцы» па вэрсіі Tuzin.fm. Ужо тры гады яна зьбірае поўныя залі на свае выступы, пасьпяхова канцэртуе ў Польшчы ды Ўкраіне. 12 траўня 2015 году быў прэзэнтаваны яе дэбютны альбом «Бясконцы красавік».

Tuzin.fm, фота Budzma.by