Пра адмову ад удзелу ў фэсьце «Захід» гурта Exploited арганізатары вымушаныя былі паведаміць у нядзелю ўвечары, калі атрымалі ліст ад мэнэджмэнта гурта. У ім вядзецца пра тое, што каманда вымушана адмяніць свой канцэрт на фэсьце «Захід» з той прычыны, што ў ім удзельнічае гурт Brutto. У далейшай перапісцы вакаліст гурта Ўоці Б’юкэн патлумачыў, што ён пабачыў «шмат дзярма», зьвязанага з Brutto, таму ня можа сыграць гэтым разам і гатовы прыехаць налета.
«Мы ўспрымаем гэта за хамства, праяву непрафэсіяналізму і звычайнае кідалава, — сказаў парталу Tuzin.fm дырэктар «Західу» Якаў Матвійчук (на фота ў цэнтры). — Мы мелі дамоўленасьць, нам пацьвердзілі выступ і гурт атрымаў ужо ад нас грошы. І такім учынкам яны ня толькі мяне як арганізатара кінулі, але і адвярнулі ад сябе безьліч слухачоў. Гурт такога ўзроўню папросту ня мае права сябе так паводзіць».
Адносна прычыны адмовы выступу, дырэктар «Західу» толькі разводзіць рукамі: «Я ня ведаю, што ім не спадабалася ў Brutto, гэта іх справа. Удзел гурта Міхалка быў даўно абвешчаны яшчэ да пачатку перамоваў Exploited. А тут раптам, калі пайшла рэкляма, узгаднілі райдэры і былі набытыя авіяквіткі, яны згадалі пра Brutto. Дзіцячы садок. З такім падыходам, сур’ёзныя прамоўтэры будуць проста ігнараваць Exploited надалей», — дадаў Якаў Матвійчук.
Фэст «Захід» мае прайсьці з 14 да 16 жніўня ў сяле Радацічы ля Львова.
(абноўлена 03.06 у 12:24) The Exploited даслалі арганізатарам ліст, у якім заявілі пра сваю гатоўнасьць усё ж выступіць на фэсьце разам з Brutto: «Некаторыя мае сябры паглядзелі Brutto, і сказалі, што гурт у парадку. Дзярмовыя плёткі ў інтэрнэце здараюцца і ў ЗША».
Аргкамітэт «Західу» пасьля абмеркаваньня ўсё ж вырашыў The Exploited не вяртаць у лайн-ап. «Па-першае, гурт ня выбачыўся за свае дзіўныя паводзіны. Па-другое, яны не 13-гадовае дзяўчо: то яны едуць, то не, то зноў едуць. Мы ў такія гульні ня граемся. Мы паважаем сябе і сваіх слухачоў і не дазволім так да сябе ставіцца, таму адмаўляемся ад удзелу Exploited у нашым фэсьце», — заявіў парталу Tuzin.fm Якаў Матвійчук.
Tuzin.fm