Гэтыя музыкі заявілі пра сябе пяць гадоў таму пад назвай «Скрозь пальцы». Тады адразу два іх трэкі патрапілі на складанку абраных песень на словы Ўладзімера Някляева. З таго часу гурт зусім не перапыняў канцэртную і студыйную дзейнасьць. Цяпер ён выступае пад назвай zeNoir, але стыль застаецца нязьменным. «Рок — гэта стан душы, настрой, сьветапогляд. Мы выкарыстоўваем простыя сродкі для перадачы сьветаўспрыманьня, досьведу — гітары і бубны. Пішамся жываком», — распавядае Tuzin.fm лідэр каманды Аляксандар Давідоўскі (на фота). Музыка кажа, што ў сваёй творчасьці яны выкарыстоўваюць дзьве мовы — расейскую і беларускую. Такім чынам ім ямчэй перадаваць свой эмацыйны стан.
zeNoir ужо запісалі матэрыялу на цэлы альбом і цяпер думаюць яго выдаць. Пакуль жа прадстаўляюць на Tuzin.fm свой самотнік «Ciemra». Песьня склалася яшчэ ў пачатку 2011-га, пад уражаньнем ад падзеяў сьнежня-2010 і тэрору, які тады пачаўся.
Сачыць за навінамі каманды можна празь іх афіцыйную суполку.
Tuzin.fm