«Мне заўсёды вельмі дзіўна бачыць, як нехта ўяўляе сабе культуру як міністэрства праўды. То бок мы будзем зараз усім раскідваць правільныя сэнсы, мы ўсіх навучым правільна любіць Радзіму і апранацца ў правільную колеравую гаму. Усіх забяспечым правільнымі сцягамі — і будзе ў нас глабальнае шчасце. Мне здаецца, што гэта дастаткова вульгарнае і прымітыўнае ўяўленне пра культуру як агітрэсурс», — тлумачыць культуролаг Максім Жбанкоў.
Ён стаіць на тым, што культура па вызначэнні, калі гэта рэальная культура, — крэатыўная, дынамічная, заўсёды жывая, заўсёды нелінейная і заўсёды слаба паддаецца рэдактуры.
«Адзін з маіх самых страшных кашмараў — перамога кіраванай культуры. Я лічу, што наша цяперашняя сітуацыя можа быць апісаная як канфлікт светаў, як вайна светаў, якая зараз знаходзіцца ў пэўным сэнсе ў стадыі прабуксоўкі. АМАП супраць стужачак — не ведаю, назавіце гэта вайной культур, для мяне гэта выглядае вельмі дзіўна. Я лічу, што для таго, каб працаваць на перамены, культуры не абавязкова быць пратэснай. Для гэтага ёй дастаткова быць жывой, крэатыўнай, адкрытай, праўдзівай, нонканфармісцкай, складанай і праблемнай. Таму я слаба разумею спадзяванні на трыумф культур пратэсту. Мне здаецца, было б больш эфектыўна, калі б любы артыст не думаў пра тое, як бы яму больш эфектна пратэставаць, а быў заклапочаны найбольш выразнай, яркай, праўдзівай рэакцыяй, крэатыўным фідбэкам на тое, што адбываецца навокал», — лічыць Жбанкоў.
Культура не павінна мабілізаваць і ўпраўляць мазгі, бо гэта не місія культуры, а місія палітычнай прапаганды, мяркуе культуролаг.
«Рабіць мастака палітычным прапагандыстам — справа цікавая, мы гэта ўжо праходзілі, чым гэта заканчваецца для мастакоў, добра вядома», — нагадвае ён.
«І да пытання, як акультурыць АМАП. Правільны адказ: ніяк. Забыць, як страшны сон. І жыць далей», — кажа Жбанкоў.