«Бардаўская восень» шукае новыя імёны

Свае акустычныя праграмы сольныя выканаўцы і гурты прадставяць на канцэртным праслухоўваньні ў Менску. Найлепшыя з выступоўцаў менскага адбору пазмагаюцца за Гран-пры ў Бельску-Падляскім у Польшчы — галоўнай фэстывальнай сцэне «Бардаўскай восені».

Арганізатары аднаго з найстарэйшых песенных конкурсаў беларускай сцэны не абмяжоўваюць канкурсантаў пэўнай стылістыкай. «У розныя гады на фэсьце перамагалі досыць не падобныя па стылі выканаўцы — ад прадстаўнікоў клясычнага бардаўскага стылю, такіх, як Зьміцер Вінаградаў, альбо мінулагоднія пераможцы — дуэт „Хмарка на траве“, да такіх гуртоў, як, напрыклад, Re1ikt. Свае спробы на адборы „Бардаўскай восені“ рабілі нават прадстаўнікі каляэлектроннай сцэны і рэп-выканаўцы, — камэнтуе Алесь Кот-Зайцаў. — Як каардынатар фэстывалю я найперш чакаю добрага якаснага ўзроўню ды новых цікавых імёнаў, незалежна ад стылю і спосабу выкананыя».

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць запоўнены фармуляр на адрас vosien2016@gmail.com не пазьней за 16 верасьня. Адборачны канцэрт сёлетняга фэстывалю адбудзецца ў менскім клюбе ILI 18 верасьня ў 18:00. Апроч выступаў канкурсантаў, арганізатары абяцаюць выступы адмысловых гасьцей, імёны які пакуль трымаюцца ў сакрэце.

«Бардаўская восень» не зьмяняе сваім прынцыпам ужо больш за 20 гадоў, спалучаючы традыцыі бард-выканаўцаў з актуаліямі беларускай музыкі. На сцэне фэсту ў розныя гады выступалі Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Кася Камоцкая, Зьміцер ВайцюшкевічАлесь Камоцкі, гралі гурты N.R.M., :B:N:, гучалі песьні з праекту «Народны альбом». Але галоўнай падзеяй фэстывалю штогод была і застаецца конкурсная праграма, мэта якой — адкрыць і падтрымаць новыя імёны беларускай аўтарскай песьні. Сярод мінулагодніх ляўрэатаў конкурсу — Паліна Рэспубліка, Яўген Барышнікаў, Аляксандр Ясінскі, гурты Re1ikt, «Нельга забыць» і іншыя.

Пытаньні адносна заявак і ўдзелу ў конкурсным адборы можна накіроўваць па адрасе vosien2016@gmail.com, альбо пакідаць ў суполках «Бардаўскай восені» ў Facebook.com ды Vk.com.