Запускаецца першая краўдфандынгавая плятформа Беларусі

Стваральнікі плятформы кажуць, што пры яе стварэньні абапіраліся на замежны досьвед. За аснову была ўзятая пасьпяховая краўдфандынгавая пляцоўка kickstarter.com. Праца над праектам распачалася летась у жніўні. Дырэктар Ulej.by Ірына Сідарава распавядае, што за гэты час сфармавалася філязофія праекту, створаная прафэсійная каманда і прапрацаваная юрыдычная і падатковая база. Праект падтрымаў «Белгазпрамбанк».

Схема працы плятформы такая. Аўтар ідэі падае сваю заяву на «народнае фінансаваньне», дзе ўказвае якая сума яму патрэбная на рэалізацыю задумы і за які тэрмін ён яе хоча сабраць. Тыя, каму падабаецца ідэя, можа яе падтрымаць, сплаціўшы пэўную суму праз банк і атрымаць «падарункі», якія будуць прадугледжаныя аўтарам у залежнасьці ад памеру грашовага пераводу. Калі неабходная сума набіраецца — праект рэалізуецца. Як не — грошы вяртаюцца ахвярадаўцам.

Тэматычна праекты не абмяжоўваюцца. Арганізатары кажуць, што гэта могуць быць здымкі фільму, напісаньне кнігі, праекты ў сфэры навукі, тэхнікі, кулінарныя і гастранамічныя прыдумкі і г. д., аднак найбольш актыўна краўдфандынгам карыстаюцца музыкі. У якасьці пасьпяховага прыкладу рэалізацыі на сайце Ulej.by фігуруе трыб’ют «Lyapis Crew: ТРУбьют», цалкам запісаны на народныя грошы.

Практычна паралельна пачала працу яшчэ адна беларуская краўдфандынгавая плятформа Talakosht.

Яшчэ: Краўдфандынг у Беларусі: ці магчыма?

Tuzin.fm