Сайт Ultra-Music заявіў пра канчатковае прыпыненьне актыўнай дзейнасьці

«Сайт UltraMusic прыпыняе актыўную дзейнасьць 31 сакавіа. Архіў сайту будзе даступны ў ранейшым рэжыме, але новыя матэрыялы будуць публікавацца толькі зрэдчас», — такое паведамленьне зьмясьціла 20 сакавіка рэдакцыя аўтарытэтнага музычнага парталу краіны. Журналісты кажуць, што абставіны, якія склалаліся, не дазваляюць ім апэратыўна працаваць і разьвіваць сайт так, як гэта неабходна. У размове з Tuzin.fm гэтую інфармацыю пацьвердзіў галоўны рэдактар UltraMusic Аляксандар Чарнуха.

UltraMusic пачынаўся як музычны блог Вячаслава «Слэйвэра» Радзівонава ў 2004 годзе. З 2009 году функцыянуе, як незалежны музычны партал, які распавядае пра жыцьцё беларускай і сусьветнай музычнай сцэны. У 2010—2013 гадах сіламі парталу праводзілася музычнай прэмія UltraMusic Awards. Летась партал вырашыў адмовіцца ад яе правядзеньня. Сёлета ў лютым ужо зьявіліся чуткі пра прыпыненьне дзейнасьці самога сайту, калі UltraMusic зьмясьцілі на сваёй староцы паведамленьне «Зачынены да лепшых часоў», але на наступны дзень сайт аднавіў працу з новым дызайнам.

UltraMusic пры гэтым заяўляе, што працягне некаторыя свае праекты, на сайце пэрыядычна будзе аднаўляцца навіновая стужка, а ўвесь функцыянал будзе даступны ў ранейшым рэжыме.

Сайт ладзіць «разьвітальную» вечарыну з сваімі наведнікамі, якая заплянавана на 27 сакавіка ў клюбе «Графіці» ў 23:00.

Мы рыхтуем інтэрвію з заснавальнікам UltraMusic Вячаславам Радзівонавым з гэтай нагоды.

Tuzin.fm