7356 гітарыстаў сыгралі разам кампазыцыю «Hey Joe» Джымі Гэндрыкса. Такім чынам абноўлены сусьветны рэкорд па колькасьці ўдзельнікаў аркестра, які грае сынхронна он-лайн, які складаў 7344. Падзея адбылася дзякуючы арганізатарам фэсту Thanks Jimi, які праходзіць штогод 1 траўня ва Ўроцлаве. За 13 гадоў да яго далучыліся і шэраг іншых эўрапейскіх гарадоў. Сёлета ўпершыню сярод іх была беларуская сталіца, дзе прайшоў першы «Minsk Thanks Jimi Festival». Больш за 30 вядучых беларускіх гітарыстаў далучыліся да міжнароднага аркестра он-лайн. Вакальную партыю выканалі лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч і Андрэй Казлоўскі, гітарыст гурту «Сузор’е».
Цікава, дарэчы, што арыгінальны тэкст «Hey Joe» сёлета з дазволу праваўладальнікаў быў зьменены адмыслова для гэтай падзеі. У арыгінале пяялася пра тое, што Джо ідзе зь пісталетам забіваць сваю няверную жонку, а ў новай міралюбівай вэрсіі Джо ёй не жадае сьмерці. Ігар Варашкевіч з гэтай нагоды пажартаваў, што варта зрабіць беларускую вэрсію — пра Жорыка зь віламі.
Наступны «Minsk Thanks Jimi Festival» яго арганізатары маюць намер правесьці больш маштабна. «Ва Ўроцлаве ды іншых эўрапейскіх гарадах выходзяць тысячы людзей. Мы таксама частка Эўропы і мусім быць далучаныя да гэтага працэсу. Таму ў нашых плянах таксама правесьці наступны фэст на Плошчы ў Менску», — сказаў Tuzin.fm адзін з арганізатараў фэсту Сяргей Трухановіч.
Tuzin.fm, фота Тацяны Менскай, відэа Яўгена Шапчыца