Freemuse Award: «Песьні Вольскага ёсьць гімнамі для тых, хто марыць пра свабодную Беларусь»

Freemuse Award беларускаму рок-музыку прысудзіла незалежная міжнародная арганізацыя Freemuse, якая адстойвае свабоду выказваньня музыкаў і кампазытараў ва ўсім сьвеце. Выканаўчы дырэктар прэміі Оле Рэйтоў зазначыў, што Лявон Вольскі «працягвае даўнюю традыцыю музыкаў з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, якія ў сваёй творчасьці зьвяртаюць увагу на істотныя сацыяльныя і палітычныя пытаньні і становяцца сымбалем руху за грамадзянскія правы, выказваючы праз сваю музыку расчараваньне і надзею». У афіцыйным паведамленьні зазначаецца, што беларускі сьпявак шмат гадоў знаходзіцца ў сумнавядомым «чорным сьпісе», а яго песьні зьяўляюцца гімнамі для тых, хто марыць пра дэмакратычную і свабодную Беларусь. Афіцыйная цырымонія ўручэньня прэміі мае адбыцца ў Стакгольме, у нядзелю 8 траўня 2016 году.

Лявон Вольскі заявіў у сваю чаргу, што для яго вялікі гонар атрымаць Freemuse Award і зазначыў, што гэтая ўзнагарода належыць усім тым, хто падтрымлівае яго як на Радзіме, так і ў іншых краінах сьвету. «З дапамогай музыкі я распавядаю за што люблю Беларусь, і пра тое, што мяне ў ёй непакоіць. Базісам творчасьці зьяўляецца свабода ў найчысьцейшай форме. Без свабоды няма музыкі і няма праўды — няма праўды ў музыцы», — падкрэсьліў музыка. Музыка прысьвяціў узнагароду сваёй жонцы і прадусарцы Ганьне Вольскай, якая нядаўна пайшла ў іншы сьвет.

Freemuse Award уручаецца за «выдатную працу на карысьць свабоды музычнага выказваньня». Першым узнагароду атрымаў у 2008 годзе рэгі-сьпявак з Кот-д’Івуару Тыкэн Джа Факолі, якога фактычна выслалі з роднай краіны і пагражалі расправаю за песьні з крытыкаю ўладаў. Freemuse Award таксама атрымлівалі Рамі Эсам — музыка з Эгіпту, якога назвалі «сьпеваком рэвалюцыі», падчас падзеяў у Каіры ў 2011 годзе яго жорстка зьбілі пры разгоне акцыі; курдзкі музыка Фэрхат Тунч, якога за яго творчасьць прысудзілі да месячнага турэмнага зьняволеньня, а таксама Піт Сыгер, знакаміты амэрыканскі фольк-сьпявак ды грамадзкі актывіст.

Tuzin.fm