Відэа зьнята на песьню «Піва і сьвінінка», якая стала загалоўным нумарам на дэбютніку гурта, што быў выдадзены летась. Да гэтага быў створаны таксама кліп на песьню «М. Б. Н. З. Т. В.». Гурт «Зеленахвостыя» паўстаў з жаданьня паэта Віктара Лупасіна стаць музычнаю зоркаю. «Што рабіць, калі ты хочаш стаць беларускім Фрэдзі Мэрк’юры, але Браянаў-Джонаў-Роджараў побач няма, а ёсьць толькі лімонная нокія», — кажа сьпявак. Стыль сваёй каманды ён вызначае як «гтп-кор», бо аранжыроўкі песень зроблены ў праграме «Гітар Про». «Можна гэта назваць электраклэшам, трэш-попам, DIY, але ня ведаю якім будзе стыль надалей, бо не люблю надта вузкіх стылёвых рамак. Чаму б не спалучыць у адной песні грайндкор і басанову, калі гэтага патрабуе драматургія?» — зазначае Віктар.
У далейшым «Зеленахвостыя» маюць намер выступаць жыўцом — тутэйшыя Браяны-Джоны-Роджары паступова далучаюцца да гурта. Музыкі зьбіраюцца «заражаць людзей сваімі гітамі і гуртаваць вакол сябе». А ў ідэале — даваць стадыённыя сольнікі з дэкарацыямі.
Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку «Зеленахвостых».
Tuzin.fm