Tom and Trey пра самотнік «Крэмль»: «Мы падкпілі зь беларускамоўных рэпэраў» (аўдыё)

«Наш трэк зьяўляецца гэткім стайлавым калямбурам, камэдыяй, у якой мы вырашылі падкпіць з сучасных беларускіх рэпэраў зь піўком — легендарнымі, унікальнымі, сапраўднымі», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm рэпэр Speaker Trey. Разам з калегам Tom Nave яны здабылі славу на беларускай рэп-сцэне, неаднойчы перамагалі на конкурсах па фрыстайле і бітмэйкінгу. Пару гадоў таму хлопцы зьехалі з роднага Маладэчна за мяжу. Speaker Trey цяпер жыве ў Дубаі, а Tom Nave ў Санта-Фэ. Нягледзячы на адлегласьць, яны працягваюць сумесную працу. «Крэмль» — іх першы трэк, у якім яны дэманструюць выдатнае валоданьне беларускім словам.

«Крэмль у нашым трэку — гэта гумарыстычнае супрацьпастаўленьне беларускай самабытнасьцi, ад крыкаў пра якую ўжо часам ванiтуе. Для лiрычнага героя гэта сымбаль сучаснай свабоды i галоўны арыентыр», — так прадстаўляе трэк Tom Nave і кажа, што ён быў напісаны, як адказ на крытыку рэпэра Gleboki Smak на іх папярэдні трэк «Рэпперам». «Няма ніякай розьніцы, у каго ты верыш, што лічыш сваімі ідэалам і на якой мове размаўляеш — пра гэта наш самотнік», — падсумоўваюць музыкі. Яны мяркуюць, што іх праца не саступае сучасным стандартам i трэндам сусьветнага рэпу (i трэпу).

Болей пра выканаўцаў ды іх навіны можна дазнацца праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm