Brutto падае заяву ў Менгарвыканкам на канцэрт у «Менск-Арэне» (відэа)

Вялікі канцэрт-прэзэнтацыя плянуецца на травень на пляцоўцы «Менск-Арэна». Як паведаміў Tuzin.fm прадусар гурта Антон Азізбекян, цяпер канчаткова ўзгадняюцца ўсе дэталі, і ўжо 1 лютага будзе пададзена заява на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня ў Менгарвыканкам.

Лідэр Brutto Сяргей Міхалок запісаў з гэтай нагоды відэазварот «да міністра культуры Рэспублікі Беларусь». Як удакладняюць у гурце, яны ўсьведамляюць, што асабіста Барыс Сьвятлоў нічога ў гэтай сытуацыі не вырашае, таму вобраз Мінкульту тут хутчэй зьбіральны. Ды і ўласна Міхалок у відэа не зьвяртаецца да канкрэтнага чалавека ці структуры. «Дайце нам магчымасьць зрабіць канцэрт у спартова-забаўляльным комплексе „Арэна“. Дайце нам самы нязручны час… Не перашкаджайце нам і дайце магчымасьць сустрэцца з сваімі фанатамі, якія стаміліся ганяць па ўсёй Эўропе, калі ў цэнтры Менску ёсьць выдатная канцэртная заля, збудаваная на народныя грошы», — вядзецца ў звароце.

Brutto заяўляюць, што калі ім сапраўды дазволяць зрабіць канцэрт у 15-тысячнай «Менск-Арэне», усе выручаныя грошы яны аддаюць на разьвіцьцё Дома міласэрнасьці і Дома інвалідаў.

Tuzin.fm