Гэта першая спроба перайграць чужы матэрыял у музыкаў з «Фантастычных плыўцоў». Ініцыятыва сыходзіла ад баўгарскага лэйбла Mahorka, які прапанаваў паўдзельнічаць у міжнародным трыб’юце гурту Pink Floyd «One of These Tributes». Беларусы абралі інструмэнтальную рэч «Interstellar Overdrive» (1967), запісалі некалькі вэрсіяў кампазыцыі, якія атрымаліся настолькі адрознымі, што было вырашана аб’яднаць іх у адзін рэліз і апублікаваць асобна.
Клявішнік каманды Віктар Сямашка распавядае, што калі першая вэрсія атрымалася яшчэ больш-менш блізкай да арыгіналу, то з кожнай наступнай спробай «Interstellar Overdrive» станавіўся ўсё больш супрэматычным, распадаўся на асобныя элемэнты, якія паасобку таксама ўсяляк трансфармаваліся. У запісе паўдзельнічалі Фрыдрых Самотны (сакс) і Эрык Арлоў-Шымкус (кантрабас). У якасьці бонусу ў рэліз увайшоў кавэр на яшчэ адну кампазыцыю Pink Floyd «The Grand Vizier's Garden Party» з альбома «Ummagumma» (1969). Вокладкай для гэтага рэлізу стаў малюнак ураджэнкі Беластоку Аляксандры Грыгаровіч-Экстэр — эксіз строя для першага савецкага фантастычнага фільму «Аэліта» (1924).
Tuzin.fm