Martin S. запісаў посткрызісны альбом, які праспансавалі слухачы (прэм’ера!)

«Мы пачыналі тры гады таму на ўзьлёце эмоцыяў, але надыйшоў крызіс. Тады і прыйшла ідэя зьвярнуцца па падтрымку да слухачоў: запісаць альбом альбо спыніць існаваньне. Нам пашанцавала — слухач выбраў альбом», — распавядае пра перадгісторыю зьяўленьня альбому лідэр Martin S. Уладзімер Боська. Рэліз зьявіўся 5 кастрычніка на афіцыйным сайце гурту, а на наступны дзень прэзэнтаваны на канале парталу Tuzin.fm на Soundcloud.com.

Музыкі прапануюць лічыць гэты дыск іх першым канцэптуальным альбомам, хоць ён і другі ў дыскаграфіі: «Калі першы наш альбом быў больш падобны да зборніку выпадковых песень, то другі альбом — гэта цэльная гісторыя. Калі слухаць яго ў нашым парадку, то абавязкова можна прасачыць што адбываецца з галоўным героем гэтай гісторыі. Упэўненыя, што гэты альбом пра кожнага чалавека на зямлі, бо тыя эмоцыі, пра якія мы тут сьпяваем, адчуваў кожны з нас і ня раз».

Жывая прэзэнтацыя «Першага» ад Martin S. заплянаваная ў клюбе Re:Public 28 кастрычніка.

Tuzin.fm