«Слухачы Tanin Jazz прызвычаіліся да нашага стылю гучаньня і я бы не хацела ўводзіць іх у зман, паказваючы пад назвай Tanin Jazz зусім ня джаз, а нешта іншае. А мне падабаецца экспэрымэнтаваць са стылямі, таму знойдзена іншая назва», — патлумачыла Tuzin.fm Тацяна Гарошка. Яна падкрэсьліла, што мае намер актыўна займацца абодвума праектамі.
Take the Cookies — праект танцавальны, свой стыль вызначае як «ню-дыска». Ужо зроблена некалькі кампазыцыяў, якія разышліся па радыёстанцыях Італіі, Гішпаніі, Нідэрляндаў і ЗША. Паслухаць іх у сеціве можна на афіцыйным канале праекту ў Soundcloud. Мяркуецца, што праект будзе дзьвюхмоўным — трэкі запісваюцца па-ангельску і па-беларуску. Праўда, беларускіх тэкстаў не стае, таму Таня шукае цяпер беларускамоўнага аўтара, які мог бы ствараць тэксты, альбо перакладаць ангельскамоўныя. «Для мяне вельмі важна мець беларускамоўныя песьні, і ў мяне вялікія пляны зрабіць электронны праект цалкам па-беларуску, але, на жаль, я не магу знайсьці аўтара песень. Ведаю добрых аўтараў, але ўсе яны занятыя ў іншых праетках, а задуманы праект вымагае канцэнтрацыі творчых сілаў і часу. Тым ня менш, не пакідаю надзеі засьпяваць на сучаснай, інтэлігентнай, стылёвай, разумнай, яскравай, пявучай і кранальнай беларускай мове», — заяўляе Таня.
Take the Cookies будзе госьцем Mirum Festival, які пройдзе 8 жніўня ля Мірскага замка. У жніўні праект таксама выступіць у дворыку на плошчы Свабоды ў Менску. У сэрыі канцэртаў «Засьпявай 2.0» праект Тані Гарошкі падтрымае фіналістаў конкурсу — гурт vegetables.
Сачыць за навінамі Take the Cookies можна праз афіцыйныя суполкі праекту УК/FB.
Яшчэ: Tanin Jazz. Невыносная лёгкасьць быцьця (аўдыёпрэм’ера!)
Tuzin.fm