Выйшаў новы альбом Вайцюшкевіча «Наша песьня» (аўдыё)

Альбом пераважным чынам складаецца з ужо вядомых песень у новых вэрсіях. Вайцюшкевіч перарабіў на новы лад «Я нарадзіўся тут», «Палянэз», «Сьцяг», «Красуню-вясну» і «Магутны Божа». Менавіта ў такім гучаньні бачыць сёньня артыст гэтыя гіты. Са словаў Вайцюшкевіча, альбом «Наша песьня» мае агульную канцэпцыю і сумяшчае два сьветы — клясыку і сучаснасьць. Невыпадковы і парадак трэкаў. «Тут ёсьць галоўны герой — ён нараджаецца, жыве на гэтай зямлі, вядзе змаганьне, стамляецца ад яго, але не скараецца, вядзе размову з самім сабой, а пры канцы прызнаецца — няма таго, што раньш было», — распавядае Зьміцер і падкрэсьлівае, што нягледзячы на такі агульны лёгкі сум, гэтая праца мае аптымістычны пасыл. Таму і названы альбом «Наша песьня». Маецца на ўвазе якраз тая песьня, якую не задушыш і не забьеш.

Альбом запісваўся зь перапынкамі ажно 5 гадоў у студыі «Куба». Запісам, зьвядзеньнем і майстарынгам займаўся Эдуард Іваноў. Удзел у запісе ўзялі ўдзельнікі WZorkiestra Алег Івановіч, Аляксандр Шувалаў, Андрэй Лабчэўскі, Вячаслаў Сяргеенка, Андрэй Сапоненка, Віталь Ямуцееў, а таксама запрошаныя музыкі — Канстанцін Гарачы, Зьміцер Ціхановіч, Сяргей Трухановіч. Concordia Choir пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай адмыслова для гэтага альбому выканаў «Палянэз». Першую кампазыцыю для альбому запісаў фальклёрна-этнаграфічны ансамбль «Неруш» пад кіраўніцтвам Валянціны Гладкай, а новая вэрсія твору «Магутны Божа» зробленая пры ўдзеле камэрнага аркестру.

Набыць дыск можна праз сайт Prastora.by.

Tuzin.fm