Рарытэт! «Абарваная струна» — гіт на ўсе часы ад таямнічага Стэфана (відэа)

Прыгожая баляда «Абарваная струна» ўжо больш за 15 гадоў гучыць у беларускім радыёэтэры, але пра чалавека, які яе сьпявае, абсалютна нічога невядома, акром яго імя — Стэфан. У сеціве ў прынцыпе адсутнічаюць згадкі пра яго. Няма ніводнага інтэрвію, ані фота. Песьні яго афіцыйна не выдаваліся, кліпы не здымаліся, суполкі не закладаліся.

Між тым, візытоўку Стэфана — песьню «Абарваная струна» запісвала зорная каманда. Музыку да твору напісаў прадусар і кампазытар Леанід Шырын, словы — Алесь Камоцкі. Інструмэнты запісалі Сяргей Вядзьведзь, колішні гітарыст «Верасоў», Уладзімер Ткачэнка з залатога складу «Песьняроў», Аляксей Зайцаў з «Зарціпо» ды басіст Валер Башкоў (Kriwi, «Ляпіс Трубяцкі» ды іншыя). Згадвае Леанід Шырын, на час запісу песьні дырэктар студыі «Мэца-фортэ», дзе яны і сышліся з Стэфанам: «Насамрэч яго звалі Сяргей Касалапаў, але ён называў сябе Стэфан Цьвінгель, бо меў нямецкія карані. У яго не было музычнай адукацыі, вучыўся ў БДУ і на момант нашага знаёмства працаваў выкладчыкам гісторыі і любіў сьпяваць, голас у яго быў адметны. Неяк усё супала ў адзін момант — мы сабраліся разам і запісалі зь песень пяць, ня ставячы пры гэтым аніякіх камэрцыйных мэтаў перад сабой. І сапраўды такой песьні, як „Абарваная струна“ я не знайду аналягаў».

Песьню аддалі ў радыёэтэр. Стэфана запрасілі зьняцца на беларускай тэлевізіі. Але прэзэнтацыя гэтага праекту так і не адбылася, песьня ўжывую не прагучала ані разу і афіцыйна так і ня будзе выдадзена. Стэфан раптоўна зьнікне праз пару гадоў і абарве ўсе сувязі з музыкай ды сваімі калегамі па праекце, пакінуўшы на добры ўспамін гэтую выдатную песьню. Яго бачылі жывым-здаровым на вуліцах Менску.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm